КУЛЬТУ́РА МО́ВЫ,
1) культура нацыянальнай мовы; стан, дасягнуты мовай народа ў яе гіст. развіцці; наяўнасць, акрамя нар. гаворак, літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычнай разгалінаванасці, старажытнасць пісьмовых традыцый і кнігадрукавання, багацце маст. л-ры і перакладных твораў, развітая навук. тэрміналогія, адукацыя на нац. мове, лексікаграфічная фіксацыя мовы, яе навук. распрацаванасць і г.д. 2) Валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літ. мовы. Мае 2 ступені асваення: правільнасць маўлення (выкананне норм моўных) і моўнае майстэрства (уменне выбіраць з наяўных варыянтаў найб. дакладны ў сэнсавых адносінах, стылістычна дарэчны, выразны, зразумелы). Адступленні ад патрабаванняў К.м. вядуць да парушэння моўных норм і ўзнікнення маўленчых памылак. К.м. асобы — паказчык узроўню яе інтэлектуальнай і духоўнай развітасці і адукаванасці, ступені сацыялізацыі і сфарміраванасці «моўнай асобы».
3) Раздзел мовазнаўства, які займаецца пытаннямі ўнармавання вуснага і пісьмовага маўлення.
Інтэнсіўная нармалізацыя сучаснай бел. літ. мовы пачалася са з’яўленнем газ. «Наша ніва» (1906—15), вакол якой групаваліся Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, М.Гарэцкі і інш. Важнай вяхой стабілізацыі бел. марфалогіі было выданне першай «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча (1918). Значная уніфікацыя норм бел. мовы адбылася ў 1930—50-я г. У рабоце па павышэнні К.м. актыўна ўдзельнічаюць пісьменнікі.
У наш час пад уплывам паглыбленага засваення культ.-моўнай спадчыны (публікацыя эпісталярных твораў, грамадскае ўшанаванне дзеячаў культуры мінулага і інш.) у мове маст. л-ры і публіцыстыкі назіраецца значнае ажыўленне старабел. лексікі, нар.-дыялектных моўных элементаў і інш. Бліжэйшай задачай К.м. як галіны мовазнаўства з’яўляецца асэнсаванне гэтай з’явы з пункту погляду моўнай стылістыкі. На Беларусі пытаннямі К.м. займаецца сектар сучаснай бел. мовы і культуры мовы Ін-та мовазнаўства Нац. АН Беларусі, кафедры бел. мовы ун-таў. Яны разглядаюцца таксама ў радыёперадачы «Жывое слова», тэлеперадачы «Роднае слова», часопісах і газетах.
Літ.:
Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;
Скворцов Л.И. Теоретические основы культуры речи. М., 1980;
Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986;
Головин Б.Н. Основы культуры речи. 2 изд. М., 1988;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989;
гл. таксама пры арт. Норма моўная.
А.Я.Міхневіч.
т. 9, с. 12